22 марта 2016 г.

Межы


З кнігі:
“Вось добрая байка, гэная во”
One Good Story, That One

Томас Кінг
Thomas King, "Borders"


Мне было дванаццать, ці трынаццаць, калі мама абвесьціла, што мы едзем у Солт-Лэйк-Сіці ў госьці да маёй сястры, якая пакінула рэзервацыю, паехала за мяжу і знайшла работу там. Лаціша пайшла з хаты без матчынага дабраславеньня, але з цягам часу мама пачала ганарыцца тым фактам, што Лаціша ўсяго дамаглася сама.
            -- Яна – малайчына, -- казала заўсёды мама.
            Зрэшты, у Лацішыным учынку былі свае станоўчыя моманты. Яна ж не пацягнулася туды, як мама любіла казаць місіс Мэніфінгерс, за нейкім хлопцам, што той паветраны балёнчык на вяроўцы. І яна не высьлізнула цішком з хаты, не папёрлася ў той Ванкувер, ці Эдмантан, ці Таронта ганяцца за вясёлкай па алеях. І цяжарнай яна не была.
            -- Яна, сапраўды, малайчына!
            Мне было сем, ці восем гадоў, калі Лаціша пайшла з дому. Ёй было тады сямнаццаць. А наш бацька быў з гарадка Рокі-Бой, што на амерыканскім баку.
            -- Наш тата – амерыканец, -- сказала Лаціша маме, -- значыць і я змагу там патрапіць.
            -- Дашлеш нам паштоўку.
            Лаціша сабрала рэчы, і мы праводзілі яе да мяжы. Ужо пасьля Мілк-Рывера Лаціша сказала, каб мы пільнавалі воданапорную вежу.
            -- Як убачыце яе, гэта – там. Яе першай бачна з далягляду.
            -- І ў нас ёсьць воданапорная вежа ў рэзэрвацыі, -- сказала мама. – І ў Летбрыджы яшчэ адна, вялікая.
            -- Яшчэ можна заўважыць вяршыні флягштокаў. Яны стаяць на самай мяжы.
            Мы даехалі да Кутса, тады мама спынілася ля дарожнай крамы і купіла сабе й Лацішы па кубку кавы. Мне дасталіся памаранчавыя ледзяшы.
            -- Якая паскудная кава.
            -- Ты проста злуесься, што я хачу пабачыць сьвет.
            -- Гэта з-за вады. Адсюль і далей у іх там вада паскудная.
            -- Я яшчэ пасьпею злавіць аўтобус да Сўітграса. Як пальцам шчоўкнуць.
            -- Будзеш купляць ваду ў бутэльках для сваёй кавы.
            Крыху воддаль стаяў драўляны будынак, перад ім высокая шыльда з надпісам “Музей”. Амаль уся страха на ім была падраная. Мама сказала, каб я пайшоў і паглядзеў расклад ягонай працы. Вокны й дзьверы былі закалочаныя дыхтаю. Відавочна было, што ён закрыты, і я сказаў гэта маме, але яна прымусіла мяне пайсьці ды паглядзець. Мама з Лацішай стаялі ля аўта і нават ня рухаліся. Я ўсеўся на прыступках музея і глядзеў на іх, і нават ня ведаю, ці гаварылі яны што-небудзь наагул. Урэшце Лаціша выцягнула сваю валізку з машыны ды абняла маму.
            Я вярнуўся да аўта. Падняўся вецер і шпурнуў валасы Лацішы на твар. Мама пацягнулася і адхінула ёй валасы з вачэй, і Лаціша дазволіла ёй гэта.
            -- Адсюль усё яшчэ можна бачыць горы, -- сказала мама Лацішы на мове Блакфут*.
            -- У Солт-Лэйк-Сіці шмат гор, -- адказала тая па-ангельску.
            -- Музей закрыты, -- сказаў я. – Я ж казаў табе.
            Лаціша сабрала валасы пад вятроўку ды пацягнула валізку па дарозе да цаглянага будынка з амерыканскім сьцягам, што матляўся на жардзіне. Дайшоўшы да мейсца, дзе чакалі памежнікі, яна завярнулася, паставіла валізку долу ды памахала нам. Мы таксама памахалі. Тады мама завярнула машыну, і мы паехалі дахаты.
            Паштоўкі Лаціша дасылала рэгулярна і, калі ня вешала нам лапшы на вушы, жыла там шчасьліва. Знайшла добрую працу й зьняла кватэру ў доме з басейнам.
            -- Яна ж і плаваць ня ўмее, -- казала мама місіс Мэніфінгерс.
            У бальшыні паштовак яна запрашала нас прыехаць, паглядзець горад, але як толькі я заікаўся пра тое, мама аж сьцепалася.
            Як жа я быў зьдзіўлены, калі яна купіла два новых кола для аўта ды надзела сваю блакітную блюзку з зялёнымі ды жоўтымі кветкамі. Я мусіў убрацца таксама, бо мама не хацела, каб мы выглядалі, як амерыканцы, калі будзем перасякаць мяжу. Мы нагатавалі бутэрбродаў і запіхнулі іх у вялікую скрыню з кукурузнымі й бульбянымі чыпсамі, узялі яблыкаў й бананаў і вялікі слоік вады.
            -- А мы маглі б зайсьці ў які-небудзь рэстаран па дарозе, а?
            -- Пэўна, варта ўзяць пару коўдраў, можа ты захочаш паспаць.
            -- Дак мы можам зайсьці ў які-небудзь рэстаран па дарозе, а?
            Насамрэч, мяжа праходзіла паміж двух мястэчкаў, хаця ніводзін з іх не цягнуў на нешта прыстойнае. Кутс быў на канадыйскім баку і складаўся з невялічкай дарожнай крамы ды бензакалёнкі, ды яшчэ з музея, што быў вечна закрыты, і матэля. Сўітграс быў на амерыканскім баку, і ўсё што можна было ў ім заўважыць, гэта – пешаходны мост, што навісаў над гайвэем і зьнікаў недзе ў прэрыі. Гэтта ж, пачуўшы назву “Сўітграсссс” – такое цудоўнае слова, гучыць нібы яно стасуецца з іншымі назвамі, як “Медысын-Гат”, ці “Мус-Джаў”, ці “Кікінг-Горс-Пас”** -- можна падумаць, што ён знаходзцца на канадыйскім баку; а гэны Кутс, які гучыць абрывіста й груба, мусіць быць на амерыканскім. Але, бач, усё наадварот.
            Між двума прапускнымі пунктамі знаходзілася бязмытная крама, дзе можна купіць цыгарэты, сьпіртное ці сьцяг. Ды ўсякае такое.
            Раніцай мы выехалі з рэзервацыі й не спыняліся, пакуль не дабраліся да Кутса.
            -- Тады мы спыняліся тут, -- сказала мама. – Ты дастаў памаранчавыя ледзяшы. Памятаеш?
            -- Дакладна. Гэта калі Лаціша выйшла ўжо з машыны.
            -- Хочаш зноў памаранчавых ледзяшоў?
            -- Што, гэта значыць мы ня зойдзем у рэстаран, так?
            Мама купіла кавы ў той жа дарожнай краме, і мы стаялі, узіраючыся ў прэрыі, што плавалі ў празрыстым сонечным зьзяньні. Тады зноў селі ў машыну.
Мама напружана пагладзіла-выпрастала сукенку на сьцёгнах, навалілася на стырно ды пакіравала да бліжэйшага памежнага прапускніка павольна, нібы намагалася разгледзець нешта праз начную завіруху або нібыта ехала па страшэннай галалёдзіцы.
            Памежнік быў немаладым мужчынам. Як ён падыходзіў да машыны, куляўся з бока ў бок, ставячы ногі шырока. Справа на сьцягне матлялася кабура. Ён усунуўся ў вакно, паглядзеў на задняе сядзеньне, потым на маму, тады на мяне.
            -- Добрай раніцы, мэм.
            -- Добрай раніцы.
            -- Куды едзеце?
            -- Солт-Лэйк-Сіці.
            -- Мэта візіту?
            -- У госьці да дачкі.
            -- Грамадзянства?
            -- Блакфут.*
            -- Мэм?
            -- Блакфут, -- паўтарыла мама.
            -- Канадыйцы?
            -- Блакфут.
            Наколькі б было прасьцей, каб мама сказала “канадыйцы” – і ўсё на гэтым. Але я бачыў,  яна й ня думае. Памежнік не раззлаваўся, нічога такога. Ён усьміхнуўся й пастаяў, гледзячы у бок будынка. Тады завярнуўся й кіўнуў.  
            -- Добрай раніцы, мэм.
            -- Добрай раніцы.
            -- Агнявая зброя ці тытунёвыя вырабы?
            -- Не.
            -- Грамадзянства?
            -- Блакфут.
            Ён сказаў пасядзець нам ў машыне й пачакаць. Мы сядзелі. Недзе праз пяць хвілін выйшаў другі памежнік разам з першым. Яны размаўлялі, пакуль накіроўваліся да нас, і абое матляліся, нібы два каўбоі, што цягнуліся да піўнога бара.
            -- Добрай раніцы, мэм.
            -- Добрай раніцы.
            -- Сесіл кажа, што вы і ваш хлопчык – блакфуты.
            -- Так і ёсьць.
            -- Ну, я ведаю, што блакфуты жывуць на амерыкаскім баку. І на канадыйскім баку таксама жывуць блакфуты. Дык вось, каб зрабіць слушны запіс у дакументах, з якога боку вы едзеце?
            Я ўжо дакладна ведаў, што скажа мама, і я б мог адказаць ім, спытай яны мяне.
            -- З канадыйскага боку, ці з амерыканскага? – пытаецца памежнік.
            -- З боку блакфут, -- кажа мама.
            Я вам скажу, згубіць пачуцьцё гумару ім доўга не заняло. Усьмешка зьнікла з твару першага памежніка, і ён наказаў нам прыпаркавацца збоку будынка і выйсьці.
            Мы сядзелі на драўлянай лаўцы, можа, з гадзіну, пакуль нехта падышоў да нас. Гэтым разам тое была жанчына. І ў яе таксама быў пісталет.
            -- Добры дзень. Я – інспектар Прат. Я так разумею, тут адбылося нейкае непаразуменьне.
            -- Я еду наведаць маю дачку ў Солт-Лэйк-Сіці. У нас няма ні зброі, ні піва.
            -- Гэта ўсяго юрыдычная працэдура, і ўсё.
            -- Мая дачка – таксама блакфут.
            Жанчына адчыніла партфель, вынула пару фармуляраў і пачала запаўняць адзін з іх.
            -- Кожны, хто пераходзіць мяжу, павінен задэкляраваць сваю грамадзянскую прыналежнасьць. Нават амерыканцы. Гэта дапамагае нам трымаць у парадку інфармацыю аб візіцёрах з розных краін.
            Гэтак яна бубнела хвілін пятнаццаць, і ўсё што яна нам расказвала, было надзвычай цікава.
            -- Я разумею, як вы чуецеся дзеля таго, што вымушаны паведаміць нам сваю грамадзянскую прыналежнасьць, і вось што я зараз зраблю. Вы мне гаворыце, а я так і быць не запішу ў паперы. Ніхто не даведаецца, адно – вы і я.
            Пісталет у яе быў серабрыстага колеру. На драўлянай дзяржалцы было некалькі плытачак, а на мэталёвай рулі надрапана імя “Stella”.
            Мы прабылі ў мытным офісе амаль што чатыры гадзіны і мелі размову амаль з кожным. Адзін з мужчынаў купіў мне кока-колы. Мама прынесла з машыны пару бутэрбродаў. Я прапанаваў частку з сваіх Стэле, але яна сказала, што не галодная.
            Я прызнаўся Стэле, што мы ёсьць і блакфуты, і канадыйцы, але яна сказала, што гэта ня лічыцца, бо я непаўналетні. Урэшце яна сказала, што калі мама не заявіць сваю грамадзянскую прыналежнасьць, нам прыдзецца вярнуцца, адкуль прыехалі. Мама паднялася й падзякавала Стэлле за патрачаны час. Тады мы селі назад у машыну й паехалі назад да канадыйскай мяжы, што знаходзілася ўсяго за сто метраў адсюль.
            Я быў у роспачы. Я ўжо так даўно ня бачыў Лацішы, а Солт-Лэйк-Сіці ня бачыў ніколі.

            Калі яна яшчэ была ўдома, яна шмат расказвала пра Солт-Лэйк-Сіці. Яна ніколі там не была, але ейны сябар Лестэр Толбул правёў цэлы год у Солт-Лэйке ў тэхнічнай вучэльні.
            -- Цудоўнае месца! – расказваў Лестэр. – Там адныя бляндынкі ва ўсім тым штаце.
            Кожнага разу, як ён такое казаў, ён даставаў ад Лацішы такую апялюху па шыі, што аж скаланаўся. У яго было колькі буклетаў пра горад і розных мапаў і час ад часу ён рассьцілаў іх на стале.
            -- Вось гэта – храм. У самым цэнтры. Трэба набываць квіток, каб туды трапіць.
            -- А Шарлота казала, туды кожны можа зайсьці й паглядзець.
            -- Калі тая Шарлота была ў Солт-Лэйке? Калі ў халеру была Шарлота ў Солт-Лэйке?
            -- Летась.
            -- А вось – Парк Свабоды. Там ёсьць заапарк. І там можна катацца на лыжах у гарах.
            -- У нас і тут цудоўныя лыжы, якія могуць быць, -- абзывалася мама. – Сюды, у Банф, едуць з усяго сьвету катацца на лыжах. А ў Кардстоне ёсьць храм, калі вам тое патрэбна.
            -- О, гэны такі вялізны! – адказваў Лестэр. – Там нават узброеная ахова ды усякае такое!
            -- Шарлота не расказвала такога...
            -- Што яна ведае, твая Шарлота!
            Лестэр і Лаціша разышліся потым, але мне здаецца, думка аб Солт-Лэйк-Сіці так і завісла ў ейнай галаве.

            Канадыйскім памежнікам аказалася маладая жанчына, і яна была шчасьлівая нас бачыць.
            -- Прывітаньне! Вам, сябры, выдаўся цудоўны дзень для паездкі. Адкуль едзеце?
            -- Стэндоф.
            -- Гэта ў Мантане?
            -- Не.
            -- Куды едзеце?
            -- Стэндоф.
            Жанчыну звалі Кэрал, і ня думаю, што яна была старэйшай за Лацішу.
            -- О-о, вы абое – канадыйцы?
            -- Блакфут.
            -- Праўда? У мяне ў школе быў сябар блакфут. Вы мо ведаеце – Майк Гарлей?
            -- Не.
            -- Ён хадзіў у школу ў Летбрыдж, але насамрэч ён быў з Броўнінга.
            Цудоўная была размова, за намі не было больш ніякіх машын, можна было не сьпяшацца.
            -- Вы ж не вязеце с сабой ніякага сьпіртнога?
            -- Не.
            -- Ні цыгарэт, ні расьлін, нічога такога?
            -- Не.
            -- Грамадзянства?
            -- Блакфут.
            -- Ведаю-ведаю. Я б таксама ганарылася, што я – блакфут, калі б я была блакфут. Але вы павінны быць або амерыканцамі, або канадыйцамі.
           
            Калі Лаціша разышлася з Лестэрам, той забраў з сабой усе буклеты з мапамі, таму Лаціша напісала некаму ў Солт-Лэйк-Сіці, і прыкладна праз месяц яна атрымала тоўсты пакет з усякімі паперамі. Мы селі за стол, параскрывалі ўсе буклеты, і Лаціша ўголас чытала адну за адной.
            -- Солт-Лэйк-Сіці – гэта брама да аднаго з найлепшых лыжных курортаў.
            -- Солт-Лэйк-Сіці – гэта радзіма аднаго з самых вядомых баскетбольных брэндаў – Юта Джаз.
            -- Вялікае возера Солт-Лэйк – адно з прыродных дзівосаў сьвету.
            Якое гэта было захапленьне – сядзець разам зь Лацішай за сталом, закіданым усімі тымі каляровымі буклетамі, і слухаць яе, як яна чытае аб тым, якое гэта найцудоўнейшае месца ва ўсім сьвеце – Солт-Лэйк-Сіці!..
            -- Гэны Солт-Лэйк-Сіці размаляваны занадта прыгожа, каб быць праўдай, -- сказала мама.
            -- Там ёсьць усё.
            -- У нас ёсьць усё тут. А жыхары Солт-Лэйк-Сіці, напэўна, зараз рассылаюць лісты з запросамі, каб ім прыслалі буклеты пра Калгары, ці Лэтбрыдж, ці вось пра Пінчэр-Крык.
            У рэшце рэшт, мама сказала, што Лацішы варта зьезьдзіць да Солт-Лэйк-Сіці ды паглядзець, а Лаціша ўзяла і адказала, што так і быць, паедзе.

            Мы прыпаркаваліся каля будынка, і Кэрал завяла нас у пакой на другім паверсе. Я ўтульна ўладкаваўся на канапе й забурыўся ў падшыўку “Saturday Night” і “Alberta Report”.
            Калі я прачнуўся, мама толькі-толькі выходзіла зь іншага кабінету. Не вымавіла ні слова. Я пацягнуўся за ёй уніз па лесьвіцы і да машыны. Быў падумаў, што мы ўжо едзем дахаты, але яна завярнула машыну ды пакіравала да амерыканскай мяжы, і я вырашыў, што мы ўсё ж едзем у госьці да Лацішы ў Солт-Лэйк-Сіці. Але яна павярнула на паркоўку пры бязмытнай краме й спынілася.
            -- Мы едзем да Лацішы?
            -- Не.
            -- Дадому?
            Ведаеце, гонар – цудоўная штука. У Лацішы шмат гонару, і ў мамы – таксама. Я вырашыў, што аднойчы і у мяне ён будзе таксама.
            -- Дык куды мы едзем?
            Амаль увесь той дзень мы бадзяліся па бязмытнай краме, не такой ужо і вялікай. У мэнэджэра крамы быў бэджык з малюткім амерыканскім сьцяжком з аднаго боку і малюткім канадыйскім – з другога. Зваўся ён Мэл. Пад вечар ён пачаў падказваць нам, што нам пара ўжо ў дарогу. Я сказаў, што нам няма куды ехаць: ні амерыканцы, ні канадыйцы нас не пускаюць да сябе. Ён парагатаў з гэтага, але сказаў, каб мы куплялі што-небудзь, або выбіраліся з крамы.
            У машыне было не так і выгодна, але мы зьелі ўсе нашыя харчы, а быў красавік, так што, калі б пайшоў сьнег, як гэта бывае ў красавіку, мы б ня зьмерзлі.
Наступным ранкам мама пакіравала да амерыканскай мяжы.
Тут ужо быў іншы памежнік, але пытаньні былі тыя ж самыя.
Мы не так шмат часу правялі ў офісе, як напярэдадні. Да палудня мы ўжо былі каля канадыйскай мяжы. Да двух гадзін папалудні – зноў на паркінге бязмытнай крамы.
Другая ноч у машыне не была ўжо такой забавай, як першая, але мама відавочна была ў добрым настроі; урэшце рэшт, прыгоды яўна пераважвалі ўсе невыгоды. У нас засталося няшмат ежы – і гэта была незадача, але было шмат вады: збоку ад бязмытнай крамы была калонка.

Аднойчы ў нядзелю мы з Лацішай глядзелі тэлевізар. Мама была ў місіс Мэніфінгерс. Раптам пасярод праграмы Лаціша вылучыла тэлевізар і сказала, што яна еддзе ў Солт-Лэйк-Сіці, што жыцьцё тут занадта нуднае. Мне хацелася даглядзець праграму, і мне было абыякава, паедзе Лаціша ў той Солт-Лэйк-Сіці, ці – не. Калі мама вярнулася, я паўтарыў ёй усё тое, што казала Лаціша.
Што мяне зьдзівіла, дык гэта тое, як Лаціша раззлавалася, калі дазналася, што я сказаў маме.
-- У цябе занадта даўгі язык!
-- Ты ж сама так сказала!
            -- Гэта не твая справа, што я сказала!
            -- А я нічога такога не сказаў.
            -- Добра. Цяпер я дакладна паеду.
            І ў тыя ж выходныя Лаціша сабрала валізку, і мы адвезьлі яе да мяжы.

            Мэл выявіўся добрым прыяцелем. Калі ён закрыўся на ноч і ўбачыў, што мы ўсё яшчэ прыпаркаваныя ля крамы, падышоў і спытаўся, ці не зламалася ў нас машына, ці што яшчэ. Мама падзякавала яму за клопат і сказала, што ўсё добра, што заўтра ўсё ўладкуецца.
            -- Жартуеце! – сказаў Мэл. – Вы думаеце, яны могуць што-колечы так проста вырашыць?
            -- У нас ёсьць яблыкі й бананы, -- сказаў я, -- але ў нас закончыліся бутэрброды.
            -- Ведаеце, калі чытаеш пра такія рэчы, то проста ня верыш, што такое бывае. Проста ня верыцца.
            -- Яшчэ лепей, каб гамбургеры. Бо яны даюць больш энэргіі.
            Мама спала на заднім сядзеньні. Я – на пярэднім, бо я меншы і змог уладкавацца пад стырном. Ужо позна ўначы пачуў, як мама адкрыла дзьверцы машыны. Я знайшоў яе, як яна сядзела на сваёй коўдры, адхінуўшыся на бампер.
            -- Бачыш, колькі зорак, -- сказала яна. – Калі я была маленькай, мая бабуля брала мяне з сястрой з сабой у прэрыі і расказвала нам гісторыі пра зоркі.
            -- Як ты думаеш, прынясе нам Мэл гамбургеры, ці не?
            -- Ён не сказаў “не”. ...Аднойчы каёт пайшоў на рыбалку. Заўсёды пачынаецца так...
            Мы сядзелі пад зоркамі той ноччу, і мама расказвала мне розныя гісторыі. Усё было так важна. Яна расказвала павольна, паўтараючы некаторыя рэчы, нібы яна чакала ад мяне, каб я іх запомніў.
            Рана ранкам пачалі падцягвацца тэлівізійцы. Хлопцы ў касьцюмах, жанчыны ў сукенках пачалі падбірацца да нас дробнай рысьсю, за імі валачыліся мікрафоны, камеры, лямпы. Каля адногэ вэна зьявіўся стол, сэрвіраваны наборам сокаў, бутэрбродаў, садавіны. Ён быў для брыгады, але калі я сказаў ім, што мы ўжо даўно ня елі, адна выпетралая бляндынка сказала, каб мы елі, колькі захочам.
            Яны збольшага гаварылі з мамай. Час ад часу адзін з рэпарцёраў падыходзіў да мяне й задаваў мне пытаньні кшталту, як гэта пачувацца індзейцам без сваёй краіны. Я адказваў, што ў нас ёсьць цудоўны дом у рэзэрвацыі, што ў маіх стрыечных братоў ёсць пара коней, і мы катаемся на іх, калі едзем на рыбалку. Некаторыя з тэлевізійцаў падыходзілі да амерыканскай мяжы, потым – да канадыйскай.
            Каля палудня на расфуфыранай машыне прыехаў ямкі мужчына ў цёмна-сінім касцюме з аранжавым гальштукам у маленькія качачкі. Ён крыху пагаманіў з мамай, і як яны закончылі размову, мама паклікала мяне, і мы селі ў машыну. Толькі мама завяла матор, падбег Мэл і сунуў нам мех з арахісавымі ледзяшамі і сказаў, што гэтай чортавай справядлівасьці цяжка дамагчыся, але мы ня мусім здавацца.
              Я бы аддаў перавагу лімоннаму дражэ, але ўсё роўна было прыемна за Мэла.
            -- Куды мы едзем цяпер?
            -- У госьці да Лацішы.
            У памежніка, што выйшаў да нашай машыны, была ўсьмешка да вушэй. Тэлевізійныя лямпы білі так моцна па вачах, што было нават балюча глядзець.
            -- Добры дзень, мэм.
            -- Добры дзень.
            -- Куды едзеце?
            -- Солт-Лэйк-Сіці.
            -- Мэта візіту?
            -- У госьці да дачкі.
            -- Тытунь, спіртное, агнявая зброя?
            -- Не палю.
            -- Расьліны, садавіна?
            -- Ужо нічога.
            -- Грамадзянства?
            -- Блакфут.
            Памежнік выцягнуўся ў струну з вялікімі пальцамі, запхнутымі пад рамень з пісталетам.
            -- Дзякуй! – сказаў ён, ляпаючы пальцамі па рэвальверы. – Прыемнай дарогі!
            Наша машына рушыла наперад, і тэлевізійцы павыкарабківаліся на дарогу. Яны беглі побач з машынай, пакуль мы перасякалі мяжу, і калі ўжо не маглі бегчы далей, пасталі пасярод гасьцінца і махалі, махалі, махалі...
            У Солт-Лэйк-Сіці прыехалі наступным днём. Лаціша так была рада нам, што ў першы ж вечар павяла нас у рэстаран, дзе гатавалі вельмі смачныя супы. Пералік пірагоў быў на цэлую старонку. Я ўзяў з чарэшняй. Мама – шакаладны. Лаціша сказала, што бачыла нас па тэлевізары ўчора ўвечары, і напрацягу ўсей вячэры прымушала нас расказваць усе нашыя прыгоды зноў і зноў.
            Лаціша вадзіла нас усюды. Мы зьезьдзілі на цудоўны лыжны курорт. Наведалі Храм. Хадзілі за пакупкамі ў вялікія гандлёвыя цэнтры, але не такія вялікія, як той, што ў Эдмонтоне, мама так сказала.
            Праз тыдзень, ці болей, я ўжо занудзіўся і зусім не засмуціўся, калі мама сказала, што пара дадому. Лаціша хацела, каб мы пагасьцілі яшчэ, але мама адмовілася, бо ў яе было шмат справаў удома, і запрасіла Лацішу цяпер наведаць родны дом. Лаціша сказала, што яна падумвае вярнуцца зусім дадому, мама узрадавалася, і Лаціша паабяцала, што прыедзе.
            Па дарозе дадому мы спыніліся ля бязмытнай крамы, і мама падарыла Мэлу зялёны брыль з надпісам “Солт-Лэйк” наперадзе. Мэл быў такі сьмешны: ён узяў брыль, усхліпнуў, высмаркаўся ў насоўку і сказаў маме, што яна натхняе нас усіх. Ён зноў даў нам арахісавых ледзяшоў, потым выйшаў з крамы і махаў нам усю дарогу да канадыйскай мяжы.
            Была ўжо амаль ноч, калі мы выехалі з Кутса. Я глядзеў на мяжу праз заднее шкло, аж пакуль бачнымі засталіся адно вяршынкі флагштокаў і воданапорнай вежы, якія таксама зьбеглі за гару й зьніклі.  


*блакфут - індзейскае племя, якое пражывае ў канадыйскай Альберце і ў амерыканскай Мантане

**Сўітграсс – Sweetgrass (англ.) – “салодкая трава”
Медысын-Хат – Medicine Hat (англ.) – “шаманскі капялюш”
Мус-Джаў – Moose Jaw (англ.) – “ласіная ськівіца”
Кіккінг-Хорс-Пас – Kicking Horse Pass (англ.) – “след брыклівага каня”
Усё гэта – назвы населеных пунктаў.



Пераклала  ангельскай
Ірына Варабей
2013


 --------------------------------------
Томас Кінг (Thomas King), н. 1943 г. – празаік, прадстаўнік сучаснае канадыйскае індзейскае літаратуры. Зьяўляецца нашчадкам культуры племені Чырокі. Цяперашнім часам жыве ў Канадзе, працуе ва Унівэрсітэце г. Гуэлфа, дзе выкладае індзейскую літаратуру ды прыгожае пісьменьства. Піша тэксты для індзейскага радыё, у прыватнасьці для радыёперадачы “The Dead Dog Cafè Comedy Hour”, у якой і сам прымае ўдзел. Ягоны літаратурны здабытак ствараюць раманы “Медысын Рывэр” (“Medicine River”), “Зялёная трава, шпаркая вада” (“Green Grass, Running Water”), зборнік апавяданьняў “Вось добрая байка, гэная во” (“One Good Story, That One”), ды дзіцячыя кніжкі “Прыгоды Каёта Каламбуся” (“A Coyote Columbus Story”), “Каёт спявае на поўню” (“Coyote Sings to the Moon”). 
------------------------------------------------------------

(с) Thomas King
(с) Ірына Варабей, пераклад

2009